“Правей, 0,3! Агонь!”
Найбуйнейшая генеральная бітва Вялікай Айчыннай войны паміж Чырвонай арміяй і вермахтам пад Сталінградам завяршылася нашай перамогай 2 лютага 1943 года. У гэтай бітве прымаў удзел і лейтэнант Тарас Мікалаевіч Паражняк... Баявы франтавік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Мастак. Педагог. Дзесяць гадоў узначальваў кафедру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДТМІ, сёння — Акадэмія мастацтваў. У лютым 2017-га ён пайшоў ад нас на 93-м годзе жыцця. Здаецца, прайшоў невялікі адрэзак часу, але, як гэта, на жаль, часта бывае, мы амаль і не ўспамінаем, што быў сярод нас такі Чалавек з вялікай літары — таленавіты творца, выдатны настаўнік моладзі, кавалер баявых ордэнаў Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, Чырвонай Зоркі і 12 медалёў, уключаючы сучасны медаль Францыска Скарыны. Вось я і вырашыў сёння ўспомніць гэту выдатную асобу, не звязваючы яе з нейкай “круглай датай”. Здаецца, сярод беларускіх мастакоў-ветэранаў мінулай вайны, якія са зброяй у руках прайшлі па “геаграфіі” Еўропы, ён быў адзіным, хто стаяў насмерць менавіта на беразе Волгі, абараняючы легендарны Сталінград.