У далонях нашай Беларусі
Сельскі клуб майго юнацтва (у мамінай вёсцы) — гэта сімвал вясковай неўміручасці, жыццярадаснасці і яснай перспектывы. Маладосць майго веку супала з маладосцю нашай вёскі.
А ў юнацтве не задумваешся пра старасць. Між тым, за 1970-мі і 1980-мі прыйшлі 1990-я і нулявыя. Наша старасць супала са старасцю нашай вёскі. Але не хачу пра сумнае.
…У сельскім клубе майго юнацтва дзверы адчынены штодня і з самага ранку. І ў час летніх ці зімніх вакацый цягам дня ад моладзі тут проста не пратаўкнуцца. Прыязджаюць сваякі з Польшчы, Канады, Амерыкі, Украіны, Расіі… Абарыгены не супраць. Гульні, танцы, гутаркі, кіно, у бібліятэку — ці не чарга. А дзядзька Мішык у сваім спрадвечным брылі не забываецца на “крыкавую” рэкламу: “Прыходзьце
ў клуб, не пашкадуеце!” Мы не шкадуем, а ён — зацікаўлены, бо ягоная жонка Маня (мая стрыечная цётка) — загадчык пашанотнай установы. І план выконваецца… Хтосьці мудры сказаў, што ўсё мінае. Аднак усё, спадзяюся, і вяртаецца…