15 варыянтаў творчасці
Кажуць, жыццё развіваецца па спіралі. Вельмі хочацца ў гэта верыць. Як і ў тое, што рэгіянальная культура пойдзе далей і вернецца ў сваёй эвалюцыі да тых часін, калі заможныя гаспадаркі зноў возьмуць
на баланс музычныя школы, клубы, будуць выплачваць заробак настаўнікам ДШМ і грашовую надбаўку ўдзельнікам самадзейнасці, возьмуць на сябе абавязак па кампенсацыі камандзіровачных выдаткаў для творчых калектываў і наладжванні брэндавых фестываляў. Помнікамі тым часінам застаюцца двухпавярховыя будыніны, дзе хапала месца для адміністрацыі сельскагаспадарчых арганізацый і сельсаветаў, дзе працавалі пошта, ФАП, клуб, бібліятэка, музычная школа. Не, я не за вяртанне СССР, я за тое, каб сельгаспрадпрыемствы не станавіліся банкрутамі, каб не паміралі вёскі, я — за вяртанне гонару ад таго, што ў дбайнага гаспадара — дбайныя хлебаробы і жывёлаводы, якія маюць талент не толькі нарошчваць эканоміку, але і ўмацоўваць традыцыю спеўнасці, суладнасці памкненняў ды дзеянняў. Я за тое, каб у нашай прыгожай неабсяжнай Беларусі запальвалася святло ва ўсіх без выключэння вокнах памянёных гмахаў, якія яшчэ можна адрадзіць. Колькасць вырашчанага хлеба і колькасць творчых гуртоў — паняцці раўназначныя і ўзаемазалежныя.
Далей