Цень чорнага манаха прамільгнула...
Я веру ў чарадзейнае ды незвычайнае. У Дзеда Мароза — не аж з маленства, а ў падступніцтва беларускіх цмокаў — заўжды так, бо іх і сёння хапае паміж нас. Але не будзем пра кепскае… Маці мая — дарэчы, настаўніца — расказвала, як даведацца, ці існуе Хатнік (ёй яе маці распавядала). Трэба ў кладоўцы пакласці на падлогу цукерку і насыпаць трохі цукровага пяску. Хатнік возьме падарунак і пакіне слядкі. Хтосьці скажа, што слядкі гэтыя — мышыныя, але тое ніякім чынам не пахісне маю святую веру ў Хатніка. Мой, да слова, заўжды са мной. Веру і ў неапазнаныя лятаючыя аб’екты, безліч якіх я бачыў пасля катастрофы на ЧАЭС у начным веткаўскім небе. І ў Чорнага Манаха, які здавён атабарыўся ў Гальшанскіх замкавых мурах. І ў тое, што Бог жыве на Беларусі, а сапраўдныя вялікія князі нараджаюцца толькі ад сапраўднага вялікага кахання.
Далей