“Рамантык і рэаліст”: яго Апафеоз і Апакаліпсіс
Нехта сказаў, што “стыхія любові ўкладваецца толькі ў рамкі паэзіі”. Дадамо: і ў рамкі выяўленчага мастацтва — таксама. Менавіта такога мастацтва, якому прысвяціў сваё іскрамётнае жыццё выдатны беларускі графік Арлен Кашкурэвіч, чыя мемарыяльная выстаўка твораў працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Яна была арганізавана музеем разам з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, і прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння выбітнага Майстра, хоць дату грамадства адзначала летась. Гэты архіў-музей прадставіў у экспазіцыю са сваіх фондаў некаторыя ўнікальные дакументы , якія тычацца жыцця і творчасці выдатнага майстра. Глядач таксама пазнаёміцца з рэдкімі малюнкамі і жывапіснымі экзерсісамі Кашкурэвіча, што захоўваюцца ў сям’і мастака — у яго дзяцей-мастакоў Тодара і Ігара. Усяго ў рэтраэкспазіцыі прадстаўлена больш за 100 твораў, выкананых ў розных графічных тэхніках, матэрыялах і жанрах: ад станковых гравюр да кніжных ілюстрацый, ад акварэлі да экслібрыса, ад малюнка да жывапісу, ад тэмы про жыццё любімага горада Мінска да глыбокіх роздумаў “пра час і пра сябе”, пра сэнс чалавечага жыцця ў кантэксце сусветнай філасофіі.
Далей