Таямніцы Манюшкаў
Перасцярогі і страшэнная роспач Станіслава Манюшкі, выказаныя ў лісце да Юзафа Сікорскага, не былі пустым гукам. Па-першае, Штурм пачаў адбіраць у кампазітара “хлеб штодзённы” — вучняў, выкарыстоўваючы традыцыйныя сродкі барацьбы за “месца пад сонцам”. Наш зямляк адразу адчуў, чым гэта пагражае і ягонай сям’і, і ягонай рэпутацыі. Пагатоў, ён толькі-толькі выпрастаў крылы, якія праз гады ўзнясуць яго на вяршыні музычнага Алімпу!
Чым адказаў Манюшка на гэты выклік, якія сродкі ўжыў, каб нейтралізаваць “прошукі” Штурма? Пра гэта казаць пакуль цяжка. Увогуле, акалічнасці “Вялікай вайны” (усё ж такі яна доўжылася дванаццаць гадоў!) вельмі слаба адлюстраваныя ў вядомых на сёння крыніцах. Але ўсё, што мы ведаем, распавядзем.
А спярша варта глянуць, чым жыла музычная Вільня ў 1840-х, калі Станіслаў Манюшка настала перасяліўся ў былую сталіцу ВКЛ. І, натуральна, зусім нялішнім будзе распавесці пра сям’ю кампазітара, над якой злавесным ценем навісла постаць Караля Штурма.