Ад Вялікадня да Радуніцы
Народны каляндар у беларусаў — з’ява няпростая, і ў той жа час лагічная і паслядоўна-заканамерная. Да прыкладу, пасля Вербніцы пачынаўся перадвелікодны тыдзень. Цягам яго гаспадарка прыводзілася ў адпаведны святу выгляд. Усё мылася, чысцілася, перадусім стол, лавы, бяліліся сцены, печ. Канешне ж, мыліся і самі. У суботу фарбаваліся яйкі “шурлухой з лука”, гатаваліся неабходныя стравы. Вечарам, склаўшы ўсё тое, што неабходна пасвяціць, ішлі ў царкву на ўсеночную. Пасля вярталіся дадому і снедалі, пакаштаваўшы наперад усяго пасвянцонага. Але трэба ўлічваць, што ў царкву хадзілі асобныя члены сям’і. Усе астатнія сямейнікі, памыўшыся, выціраліся ручніком, на якім раскладвалася для пасвячэння велікоднае. Гэта павінна было аберагчы ўсіх членаў сям’і ад нядужасці, а дзяўчатам да ўсяго гэтага паспрыяць, каб яны былі прыгожыя. Перад пачаткам снедання сямейнікі звычайна станавіліся на калені і маліліся, а потым садзіліся за стол.
Далей