Малая радзіма вялікай навукі
У прысталічным пасёлку Лясны — цэнтры прасторы пад назвай “Бараўляны”, я жыву з 1984 года. За тыя больш як трыццаць гадоў, што прайшлі з таго моманту, калі я з Мінска пераехаў у прыгарад, Лясны, а разам з ім і Бараўляны ўвогуле, сталі ва ўсіх адносінах мясцінай рэспектабельнай. Калісьці мае бацькі дзівіліся майму рашэнню выпісацца з Мінска, а сёння мае дзеці ў бок сталіцы нават і не глядзяць, настроены будаваць сваё жыццё там, дзе нарадзіліся.
Лясны — гэта па сутнасці медыцынская сталіца Беларусі, адзін з найважнейшых навуковых цэнтраў краіны. Быў час, калі аблічча пасёлка з яго стандартызаванай забудовай і неразвітай інфраструктурай не надта адпавядала гэтаму статусу, але за апошнія гады тут адбыліся станоўчыя змены. Нешта падобнае я назіраў і ў іншых паселішчах Беларусі, што раней былі, так бы мовіць, незаўважнымі ў ценю вялікіх гарадоў, а сёння ў стане актыўнага пошуку самасці. Прыклад жа Лясного-Бараўлян падаецца мне характэрным для ілюстрацыі згаданай тэндэнцыі. Да таго гэта тэма надзвычай актуальная ў кантэксце Года малой радзімы.
Распавесці пра тое, якімі Бараўляны былі і якімі сталі, мы папрасілі аднаго са старэйшых супрацоўнікаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава — доктара медыцынскіх навук, прафесара Аляксандра Машэўскага (на здымку). У названым цэнтры ён узначальвае Цэнтральную экспертную камісію.