Дзве радзімы Хізры Асадулаева
Відаць, было наканавана, каб чалавек, які нарадзіўся ў высакагорным сяле Карата Ахвацкага раёна Дагестана, знайшоў сваю другую радзіму на беларускай зямлі. Першае, аб чым ён падумаў, калі разам з жонкай Пацімат пераехаў жыць у Мінск, было жаданне вывучыць мову, на якой размаўлялі людзі гэтага прыгожага горада. З маленства Хізры валодала прага спасціжэння прыгажосці свету. Бацька працаваў у школе настаўнікам матэматыкі, маці ткала дзівосныя дываны. Уражлівая душа ўвабрала ў сябе найлепшае з акаляючай прыроды — веліч гор, квітнеючыя даліны, бяздонную сінь неба, а таксама — чалавечыя якасці: шчодрасць, пачуццё ўласнай годнасці, працавітасць.