Альтэрнатывы “экскаватарнай археалогіі”
Тэма археалагічнай спадчыны апошнім часам несупынна прыцягвае ўвагу СМІ — ды, на жаль, зусім не з нагоды сенсацыйных адкрыццяў. Інцыдэнт у ваколіцах Гальшанскага замка, дзе “экскаватарным метадам” былі выяўленыя (і пашкоджаныя) старыя пахаванні, літаральна праз пару тыдняў бадай паўтарыўся ў Слуцку — падчас будаўніцтва супермаркета на тэрыторыі Ніжняга замка. У абодвух выпадках умяшальніцтва грамадскасці, а затым і Інстытута гісторыі НАН Беларусі, паўплывала на ход падзей і спыніла працы. Але асадак, так бы мовіць, застаўся.
Пра тое, як палепшыць стан рэчаў у галіне, пра ўвагу да якой з боку дзяржавы сведчыць хаця б прыняцце Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у снежні 2015 года адмысловага Указа № 485, мы вырашыліі запытацца ў кампетэнтных экспертаў. Першым з іх запрасілі да гутаркі Ігара ЧАРНЯЎСКАГА. Думаецца, выбар зразумелы: археолаг, які шмат гадоў адпрацаваў начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны, ведае гэтую праблематыку з розных бакоў — як юрыдычнага, так і практычнага.