Зоя БЕЛАХВОСЦІК: “Не трэба мне іншых тэатраў, я працую ў найлепшым!”
Сёлета нашая культурная прастора поўнілася згадкамі пра Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, які пачаў свой 100-ы сезон!
А напрыканцы года святкавала юбілей актрыса, без якой тэатр уявіць немагчыма, — народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. На гэтай тэатральнай сцэне яна працуе з 18-і гадоў і адыграла практычна ва ўсіх легендарных спектаклях, кшталту “Паўлінкі” і “Тутэйшых”, іграе ў бліскучых пастаноўках больш нядаўняга часу, такіх як “Чайка” ды “Рэвізор”. За гады ў Купалаўскім у яе было амаль 60 роляў, і зараз у актыўным рэпертуары 10 спектакляў. Можна сказаць, зайздросны лёс для актрысы, якая і запатрабавана, і любіма.
Аднак Зоя Белахвосцік не проста актрыса —
ёй належыць не толькі дзень сённяшні гэтага тэатра, але і яго мінуўшчына і будучыня,
бо і продкі, і нашчадкі непарыўна з ім звязаныя. Дзед Глеб Глебаў — народны артыст СССР —
і бабуля Надзея Сарокіна яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя сталі артыстамі 1-га Беларускага драматычнага тэатра (цяпер імя Я. Купалы), бацька Валянцін Белахвосцік — народны артыст Беларусі, усё жыццё аддаў гэтай сцэне, муж Аляксандр Гарцуеў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акцёр і рэжысёр многіх выдатных пастановак Купалаўскага, дачка Валянціна Гарцуева — актрыса тэатра. Свой юбілейны творчы вечар на пачатку снежня
Зоя Белахвосцік прысвяціла менавіта сям’і і тэатру, бо гісторыя ў іх — агульная. Дзве гадзіны актрыса трымала ўвагу гледачоў цікавымі і кранальнымі расповядамі, архіўнымі фотаздымкамі, песнямі і сваім талентам. І творчы вечар, бадай што, не павінны стаць адзінкавым паказам гэтай праграмы: у зале быў перааншлаг, авацыі не змаўкалі доўга.
З народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосцік гутарым пра гісторыю і пра будучыню, пра справы сямейныя і тэатральныя, пра адданасць прафесіі і лёс артыста, і — пра тое, як многа ўсяго яшчэ наперадзе.