Стрэсаўстойлівасць як прыкмета прафесіяналізму
Сёння да станцыі метро “Пятроўшчына” выскачыла вавёрка. Адкуль? Са старых могілак, што за банкам, ці з рэштак лесапарку ля бальніцы на Сямашкі? Хто ж яе, нахабу, ведае. Ноч гуляла, а пад ранак заблукаць дадумалася. Але ў рухах — ніякай мітусні. Хоць і схуднела за зіму, аднак хвост трымала з гонарам, у строгай паралельнасці з зямлёй. Спачатку паспрабавала перайсці праспект Дзяржынскага — спыніла цэлую аўтамабільную плынь. Імкліва перадумала і панеслася ў адваротны бок, ускочыла на бярозу і зацокала: “Не, не маё дрэва!”, мэтанакіравана пабегла далей па газонах. Адразу відаць — стрэсаўстойлівая. Заўжды даб’ецца свайго, бо спадзяецца толькі на сябе.
А я гомельскіх вавёрак згадаў, з парка Румянцавых. Вось гэтыя нічога самі не ўмеюць. І калі ідзеш міма іх і ласункі (семкі там ці цукеркі) з рукі не прапаноўваеш, пачынаюць з дрэў шалупіннем кідацца і нахабна лаяцца. Цацы! Яўныя выхаваўчыя пралікі ў развіцці пазабюджэтнай дзейнасці. У вас ніякія асацыяцыі не ўзнікаюць?
Далей