І вось, вясна наступіла. Пакуль пост не пачаўся, самы час для масленічных гулянняў. Сёння, 2 сакавіка, старажытнае славянскае свята ладзяць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Кульмінацыяй, вядома ж, стане спальванне саламянага пудзіла зімы — “Марэны”.
Беларускі саюз кампазітараў святкуе сваё 85-годдзе. У сераду ў Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт прэм’ер камерных твораў, сёння — юбілейны сімфанічны канцэрт. А за некалькі гадзін да яго пройдзе пазачарговы з’езд нашых творцаў, дзе павінна быць прынята новая рэдакцыя статута гэтай грамадскай суполкі, а галоўнае — пасля нядаўняга сыходу з жыцця Ігара Лучанка адбудуцца выбары новага старшыні праўлення.
Сёлета і ў Польшчы, і ў Беларусі адзначаюцца 80-я ўгодкі з дня нараджэння знакамітага музыканта, філосафа, мастака, ураджэнца вёскі Старыя Васілішкі Гродзенскай вобласці Чэслава Немэна. Адным з важкіх эпізодаў святкавання стала выданне прысвечанай Немэну кнігі, якая запачаткавала плануемую серыю Genius loci (“Геній месца”), прысвечаную нашым землякам, якія праславіліся па-за межамі радзімы.
Стартаваў новы сезон “Беларускіх уікэндаў” — праекта, які прадугледжвае пераклад папулярных замежных кінастужак на беларускую мову. З сакавіка дэманстрацыя фільмаў у новай агучцы на нашай роднай мове будзе праходзіць паралельна ў Мінску і Гродне.
У адным з мінулых нумароў “К” вядомая фалькларыстка Рэгіна Гамзовіч заклікала работнікаў культуры захоўваць ды адраджаць уласныя, мясцовыя традыцыі зімовых святаў. Пра адну з іх хацелася б распавесці. У вёсцы Нова-Янчына, што на Барысаўшчыне, Грамніцы адзначаюць па-свойму.