Мае нататкі — суб’ектыўныя і ў пэўнай ступені — правакацыйныя. Чытайце, не пагаджайцеся, абурайцеся і ўступайце ў спрэчку. Будзем спадзявацца, разам мы адшукаем праўду, схаваную недзе паміж пульхных папак бясконцых справаздач.
Сёлетні год увойдзе ў гісторыю айчыннага тэатра, дзякуючы яскравым доказам таго, што сапраўдны талент
абавязкова даб’ецца прызнання, нават калі шлях яго на нейкі момант становіцца падобным да бегу з перашкодамі.
У мяне 2018-ы асацыюецца з рэзкай зменай пакаленняў. Адзін за адным сыходзяць старэйшыя творцы, якія ў пасляваенныя гады і ў час хрушчоўскай адлігі былі маладымі парасткамі нашай культуры. Сыходзяць так званыя шасцідзясятнікі. Іх месца паступова займае былое сярэдняе пакаленне, якое прыйшло ў прафесійнае мастацтва ў 1970 — 1980-я. Хаця, пагаджуся, заняць чыёсьці месца ў мастацтве папросту немагчыма — можна паспрабаваць сыграць тую ж ролю, а ўсё роўна яна атрымаецца іншай.
“Мае” вынікі года не пра знакавыя і гучныя падзеі, што адбыліся ў “курыруемых мною” ў нашай газеце галінах культуры, а пра тэндэнцыі, якія былі, на мой погляд, характэрныя для іх у 2018-м годзе: мне падалося лепшым распавесці менавіта пра гэта, бо якiм будзе іх уплыў на айчынную культуру — на доўгім ці кароткім адрэзку часу — пытанне, вядома, цікавае...