Сёлета Дзень работнікаў культуры выпаў на 14 кастрычніка. Прафесійнае свята адзначылі ў рэгіёнах, а ў гэты чацвер імпрэза рэспубліканскага маштабу адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Там прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання тых працаўнікоў сферы, чыя дзейнасць прывяла да высокіх дасягненняў. Сярод узнагароджаных і тыя, хто непасрэдна стварае культурныя каштоўнасці, і тыя, хто нясе іх грамадству.
Маладзечанскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя Міхала Клеафаса Агінскага спаўняецца 60 гадоў. Юбілей падвойны, бо сваё 50-годдзе адзначае і сімфанічны аркестр гэтай навучальнай установы, вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Абодвума калектывамі ледзь не чатыры дзесяцігоддзі кіруе заслужаны дзеяч культуры нашай краіны Рыгор САРОКА.