У яго асобе спалучыліся постаці народнага спевака і прафесійнага харавога дырыжора, непасрэднага носьбіта традыцыі і яе руплівага даследчыка, аўтарытэтнага педагога і поўнага творчых задум інтэрпрэтатара музычнай спадчыны. Вучань і паслядоўнік Рыгора Шырмы сабраў тысячы ўнікальных беларускіх песень
і апісанняў абрадаў ды вылучаўся ўласным “почыркам” трактоўкі народных мелодый. Усё сваё жыццё Уладзімір Раговіч прысвяціў збору, даследаванню і папулярызацыі беларускага нацыянальнага меласу.
Які беларус самы вядомы на зямным шары? Натуральна, дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Але калі згадаць, што межы свету зусім не абмяжоўваюцца Еўропай, адзін з галоўных прэтэндэнтаў будзе відавочны:
гэта Ігнацій Дамейка, які праявіў сябе ў далёкай Лацінскай Амерыцы. Імя яго не забытае і ў нас.