Вера ў прадвызначанасць
У свет, створаны гэтым майстрам, уваходзіш радасна і лёгка. Гэты свет адкрыты і ўсхваляваны, мужны і празрыста чысты. Людзі ў ім вылучаюцца спакойнай прыгажосцю, дабрынёй, схільнасцю да развагаў “пра час і пра сябе”. Мастак асэнсоўвае рэчаіснасць і дае ёй другое жыццё, адлюстроўваючы на палатне свае адносіны, свой настрой, сваю любоў. Дзякуючы творам Шчамялёва, мы быццам заглядваем у душу чалавека і праз яго барацьбу, шчасце, надзею, веру, смутак увачавідкі адчуваем рытмы часу.
Рытмы часу і думкі жывапісца. Бо кожнае палатно, як прасвятленне чалавечай сутнасці, дае адказ на пытанне, што шукае, што сцвярджае, што адстойвае сам творца, сведчыць аб яго адносінах да жыцця, раскрывае пафас яго творчасці. І таму любы твор мастака ў роўнай меры становіцца яго праграмай і споведдзю.