Каламкары, сары, патачытра...
Нацыянальны мастацкі славіцца найперш сваімі грунтоўнымі калекцыямі беларускага і рускага жывапісу. Але, вядома, тэматычны дыяпазон яго здабыткаў куды шырэйшы. Прадстаўлена там, сярод іншага, і экзатычнае для нас мастацтва Індыі. Пра гэта мала хто ведае, бо выстаўлялася яно толькі двойчы — апошні раз ажно ў 2005 годзе. Хаця калекцыя даволі прадстаўнічая: у зборы знаходзіцца каля 150 адзінак — узораў ткацтва і жывапісу, твораў з металу і дрэва, упрыгожванняў і рытуальных аксесуараў. У пастаяннай экспазіцыі можна ўбачыць літаральна некалькі экспанатаў — тканую храмавую завесу каламкары, металічны ваенны шчыт са сцэнамі палявання ды арнаментаваны посуд. У ліпені дадаліся яшчэ два сланы — драўляны з інкрустацыяй белым дрэвам і мармуровы са шматкаляровым роспісам эмалевымі фарбамі і інкрустацыяй шклом (на здымку справа), якія музею ў якасці падарунка перадаў пасол Індыі Саксэн Панкадж. Усё астатняе багацце — у фондзе, і нам пашчасціла даведацца, што там хаваецца.