Пакуль спяваем…
Для калектываў і кіраўнікоў прафесійных і аматарскіх хораў народнага і акадэмічнага напрамкаў у краіне праходзяць майстар-класы Міхаіла Дрынеўскага, народнага артыста Беларусі, прафесара, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора iмя Генадзя Цітовіча, і Тамары Слабодчыкавай, дацэнта кафедры харавога дырыжыравання вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. “К” падабралася да асвятлення падзеі спосабам правераным, даслаўшы карэспандэнта выдання “У тур са сваім журналістам” на чарговы этап у Магілёў... Адбываецца ўсё названае ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”, накіраванай на папулярызацыю нацыянальнага харавога мастацтва, што нарадзілася ў 2015-м. Сёлета падзея, якую мяркуецца праводзіць раз на два гады, стартавала ў красавіку, а завяршыцца павінна вераснёўскім гала-прадстаўленнем у Мінску. У рамках праекта хор імя Цітовіча ўжо даў шэраг канцэртаў у абласных цэнтрах (плюс Маладзечна), 22 мая ён выступіў у сталіцы, а 31-га яго чакае Гомель.