Постфактум анімацыі
“Гэтым летам Луіза ўпершыню даведалася пра радасці кемпінгу на беразе мора разам са сваімі бацькамі. З татам яна збірае скарбы, якія, па яго словах, належаць сірэне. Бацька распавядае ёй гісторыю пра марскую істоту, якая не можа спяваць і не знаходзіць месца ў сваім грамадстве. Вакацыі цягнуцца больш, чым звычайна, і Луіза высвятляе, што гісторыя сірэны можа быць гісторыяй яе бацькі”. Бельгійская стужка “Вялікія канікулы” Караліны Нуквэс-Боурчат, якая стала адной з пераможцаў сёлетняга фестывалю “Анімаёўка” (“Лепшы фільм для дзяцей”), выглядае незвычайна. У яе цэнтры дзіця, але яго свет не такі закрыты і адасоблены, як звычайна рэпрэзентуецца ў мультыплікацыі для маленькіх. Менавіта так і выглядае сённяшняе анімацыйнае кіно, якое даўно не стаіць у баку ад сацыяльных праблем. І гэты тэзіс з новай сілай увасобіла сёлетняя праграма Магілёўскага міжнароднага фестывалю “Анімаёўка-2016”.