Іх няма, але яны ёсць
Час ад часу “К” згадвае пра тое, што ў шэрагу раённых цэнтраў няма музейных устаноў. А ў сённяшняй онлайн-канферэнцыі мы вырашылі больш падрабязна спыніцца на азначанай праблеме. У Дуброўне, Астраўцы, Ляхавічах, Бярэзіне які ўжо год працуюць рабочыя групы па стварэнні раённых музеяў. У іх складзе, як правіла, дырэктар (кіраўнік групы) і захавальнік фондаў. Чым занятыя гэтыя структуры, якія маюць праблемы, чаму падшуканыя будынкі для музеяў так імі і не становяцца? Для адказаў на гэтыя ды іншыя пытанні мы запрасілі да ўдзелу ў нашай віртуальнай канферэнцыі начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Дубровенскага раёна — Людмілу ДУДАРАВУ, Ляхавіцкага — Мікалая ДАБРЫЯНЦА; галоўнага спецыяліста па культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Наталлю МАЕЎСКУЮ; членаў рабочых груп па стварэнні музеяў: захавальніцу музейных фондаў з Дуброўна Наталлю АЎЧАРОВУ, кіраўніка групы з Бярэзіна Марыну ЛАБКОВІЧ, дырэктара музея з Астраўца Марыну ПРАЎЛУЦКУЮ.