Дванаццаты паказ
Сімптаматычна, што сярод абласных тэатраў, прадстаўленых на Міжнародным форуме “ТэАРТ”, аказаліся менавіта тыя, у якіх праводзяцца і свае фестывалі. Усё ўзаемазвязана: дзе бачаць, што робіцца ў свеце, там ствараюць і больш цікавыя, “прасунутыя” спектаклі. А дзе працуюць таленавітыя рэжысёры (а працы менавіта такіх і вылучаліся на сёлетні “ТэАРТ”), там не баяцца паказваць, што робіцца ў свеце. На гэтым скрыжаванні з Еўропай Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы паказаў, што робіцца “на дне” — паводле аднайменнай п’есы Максіма Горкага, дзеянне якой перанесена ў сучаснасць.