Гаворыць Курган
“Паглядзіце, як пра мяне напісалі, — наш суразмоўца дастае кнігу і пачынае зачытваць: “Чалавек-легенда, здабытак рэспублікі, беларускі Левітан, як яго толькі не называлі… Амаль паўстагоддзя ён адпрацаваў на радыё... Глыбока адданы сваёй прафесіі, больш за тое — улюбёны ў яе, нягледзячы на свае восем з лішнім дзясяткаў гадоў, ён усё яшчэ ў страі… Чалавеку з вялікай літары, геніяльнаму майстру, залатому голасу Беларусі…” І тут наш візаві абураецца: “Нават не сярэбраны, а залаты голас! Магу яго здаць і атрымаць, як гэта зараз называецца, — еўра! Вось як! Ну як такое можна пісаць?”. Пасля гэтых рэплік у маленечкім пакоі ў кватэры на сталічнай вуліцы Карла Маркса, дзе сустрэў нас майстар і дзе адбываецца інтэрв’ю, стаіць рогат. Але ў адказ на невялічкі імправізаваны спектакль гаспадара ад нас гучыць: “Ілья Львовіч, дык а што тут няпраўда?”. Напярэдадні Дня работнікаў культуры мы завіталі да найзнакамітага радыёдыктара Беларусі ХХ стагоддзя, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужанага артыста краіны Ільі КУРГАНА. І не таму, што ў яго юбілей (маэстра ідзе 89 год) ці ёсць нейкая дата, якую трэба адзначыць, а з той простай прычыны, што Ілья Львовіч і ёсць усё тое, пра што напісала яго вучаніца ў кнізе “Залаты голас Беларусі”. Здабытак рэспублікі і беларускай культуры. Чалавек-легенда. Чалавек-эпоха.