Што купляюць у беларусаў?
Акрамя таго, што Ягелонскі кірмаш ў Любліне — гэта свята творчасці, магчымасць абмену вопытам між майстрамі, сродак наладжвання дыялогу паміж Польшчай і яе суседзямі з усходу, вельмі істотны камерцыйны бок імпрэзы. Галоўная мэта кірмашу традыцыйна — гандаль. У той жа час некаторыя майстры кажуць, што ў першую чаргу хацелі паказаць выстаўку сваіх вырабаў, прэзентаваць на кірмашы культуру Беларусі. А гандаль, маўляў, — справа дзясятая. Іншыя распавядаюць, што большую частку прывезеных вырабаў распрадалі ўжо ў першы дзень. Неаднаразова адзначалася, што пакупнікоў прываблівае прадавец, апрануты ў традыцыйны строй, ахвочы да размоў. Па суб’ектыўных назіраннях, часта шмат людзей збіралася ля кропак, дзе гандлююць ежай, керамікай, упрыгожваннямі. Некалькі майстроў падзяліліся з “К” сакрэтамі камерцыйнага поспеху сваіх вырабаў.