Чужых талерак нам не трэба! Як сваю знайсці?..
Не будзем шукаць адказ на пытанне "Колькі маладых спецыялістаў не даязджаюць штогод да першага рабочага месца?". Няма сэнсу. Нават калі і знойдзем "дэзерціраў"… У дадзеным выпадку пытанні хутчэй узнікаюць у адрас навучальных устаноў, што іншым разам набіраюць студэнтаў ці не з вуліцы. Безумоўна, частка таленавітых выпускнікоў вырашае працягнуць навучанне па профілі. Дай ім Бог. Астатнія дыпламаваныя (што не даехалі і не даедуць) будуць працаваць па спецыяльнасці хіба што пад прымусам, што цалкам выключае любыя праявы творчасці. Нам гэта трэба? А гаворка сёння пра тых, хто ўчора занёс у райцэнтраўскі інтэрнат чамаданы, а сёння ўпершыню прыступіў да выканання працоўных абавязкаў і не надта ведае, як сябе паводзіць, каб працаваць не на згубу сваіх і чужых нерваў, а на ўласны аўтарытэт… Рэдакцыя вырашыла, што такім маладым спецыялістам ад культуры якраз дарэчы прыдадуцца парады тых бібліятэкараў ды клубнікаў, што пасля адпрацоўкі засталіся там, дзе і пачыналі творчую кар’еру.