Ля-ля-фэ?..
Вам рэжуць слых тэксты асобных песень некаторых нашых артыстаў? І нам таксама. З “асобнымі” нават пагарачыліся: у наш час трэба здолець пачуць такую кампазіцыю, словы якой не выклічуць у вас жадання знайсці нумар тэлефона выканаўцы і выказаць яму ўсё, што думаеце пра яго творчасць — у негатыўным ключы. Гэта датычыцца і рускамоўных твораў, і, на яшчэ большы жаль, беларускамоўных. Таму гаворка ў дадзеным матэрыяле пойдзе пра апошнюю катэгорыю. Многія спевакі ды спявачкі сёння самі пішуць сабе тэксты. З розных прычын. І таму, што няма патрэбы дзяліцца аўтарскімі адлічэннямі, і таму, што адчулі ў сабе дар рыфмаваць, і таму, што не знаходзяць вершы, якія задавальняюць іх. Ёсць і такія, хто ў якасці суаўтараў “запрашае да супрацоўніцтва” класікаў беларускай паэзіі. “К” звярнулася да вядомых кампазітараў і музыкантаў — аўтараў музыкі розных жанраў з просьбай даць ацэнку айчыннаму песеннаму мастацтву ў яго тэкставай частцы ды распавесці пра тое, якому вершаванаму матэрыялу яны аддаюць перавагу.