“Вы не ролю сыгралі, а лёс…”
Гутарыць з гэтым чалавекам надзвычай прыемна і цікава, бо адказ на кожнае з тваіх пытанняў ператвараецца ў маленькі спектакль, у які ён міжволі альбо наўмысна ўцягвае субяседніка… Вобразы, створаныя Майстрам, увайшлі ў скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва. Сярод галоўных здабыткаў акцёра — феерычны Труфальдзіна са “Слугі двух гаспадароў” Карла Гальдоні, камедыйна-буфанадны з падкрэсленай лініяй характару Благае з “Доктара філасофіі” Браніслава Нушыча, сатырычна-гратэскавыя Расплюеў з “Вяселля Крачынскага” Сухава-Кабыліна, Качкароў з “Жаніцьбы” Гогаля, сацыяльна тыпізаваны Жабрак з “Сымона-музыкі” Коласа, псіхалагічна аб’ёмныя, жыццёва-пазнавальныя Шаргаёў з “Парога”, Гастрыт з “Вечара”, Салянік з “Радавых”, Ютка з “Вежы” Дударава, трагічны Блазан з “Караля Ліра” Шэкспіра, па-дзіцячы наіўна-мудры Тарас з “Тараса на Парнасе” паводле Сяргея Кавалёва і многія іншыя… Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, уладальнік “Крыштальнай Паўлінкі” Тадэвуш КОКШТЫС, якому 31 кастрычніка спаўняецца 80 гадоў, — увасабленне гонару і годнасці старэйшага пакалення коласаўцаў, лепшых традыцый нацыянальнага тэатра, яго вытокаў і каранёў.