Стварыць моду на аўтэнтыку
Гродзенскаму абласному метадычнаму цэнтру народнай творчасці, як і іншым падобным установам ва ўсіх рэгіёнах краіны, сёлета спаўняецца 75 гадоў. Установа культуры на сённяшні дзень — той асяродак, адкуль каардынуецца дзейнасць шматлікіх раённых метадцэнтраў, ладзіцца навучанне культработнікаў, адбываюцца шматлікія выстаўкі, сустрэчы ды мерапрыемствы... Цікава, што месціцца метадычны цэнтр у самым цэнтры Гродна — у будынку былога Дамініканскага манастыра. Акром шматлікіх кабінетаў супрацоўнікаў, ёсць тут і сапраўдная майстэрня з двума кроснамі і вертыкальным ткацкім станком, дзе стварае свае аўтарскія габелены вядомая не толькі на Гродзеншчыне, а і па-за межамі Беларусі майстар Алена Шунейка. А яшчэ тут працуюць музей сучаснага народнага мастацтва, ансамбль песні “Гармонія”, клуб творчай інтэлігенцыі “Грані”, эстрадная студыя “Акварэль” — усе са званнямі “народны”, маецца сучаснае выставачнае абсталяванне, гуказапісваючая апаратура... Вядома, пра ўстанову культуры, яе дзейнасць і яе цікавосткі можна распавядаць гадзінамі. Зрэшты, усё адно гэта — толькі знешні, часам вельмі прыгожы бок “медаля”. А вось пра другі “медалёвы” бок — праблемы абласнога і раённых метадычных цэнтраў, тыя актуальныя пытанні, якія паўстаюць цяпер перад супрацоўнікамі РМЦ ды Дамоў і Цэнтраў рамёстваў з усіх раёнаў вобласці, — ведаюць, натуральна, не многія. Менавіта пра іх “К” пагутарыла з дырэктарам Цэнтра Ірынай ДЗЕМЯНЧУК.