Гісторыя яго кіно
Адной з асноўных падзей ўрачыстага вечара, прысвечанага 90-гадоваму юбілею беларускага кінамастацтва, стане прэзентацыя кнігі “Гісторыя майго кіно” кіназнаўцы Анатоля Красінскага. Ледзь паспеўшы выйсці з друкарні, кніга адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. І прычынай таму — нават не невялікі наклад, а ўнікальны аповед пра жыццё, калег, сустрэчы і мастацтва, які прапануе зацікаўленаму чытачу аўтар. Доктар мастацтвазнаўства, кіназнаўца Анатоль Віктаравіч Красінскі — сведка і актыўны ўдзельнік самых значных падзей у нацыянальным і савецкім кінематографе другой паловы ХХ стагоддзя. Ураджэнец Расонаў, у 1950 годзе ён паступае ва ВГИК і з сярэдзіны 1950-х прыступае да актыўнай працы ў беларускім кіно: рэдактар Красінскі ўдзельнічаў у стварэнні мноства вядомых кінакарцін нашай студыі, а таксама займаўся важнай арганізацыйнай працай — быў сустаршынёй, а потым і старшынёй Беларускага саюза кінематаграфістаў. У апошні час Анатоль Віктаравіч актыўна займаецца навуковай дзейнасцю, але па-ранейшаму вельмі зацікаўлена сочыць за становішчам спраў у нашым кіно. Магчыма, адказы на шматлікія праблемы і пытанні, якія стаяць перад нашым кінематографам сёння, можна знайсці менавіта ў яго кнізе, фрагменты з якой “К” прапануе сваім чытачам.