Летуценнік без кампрамісаў
…Вось што ўспамінаў жывапісец Яўген Красоўскі, які, па сутнасці, з канца 1920-х і да апошніх дзён жыцця Тарасікава быў самым блізкім яго сябрам: “У 1929-м да нас на трэці курс Віцебскага мастацкага тэхнікума зайшоў даволі сціпла апрануты, сярэдняга росту малады чалавек з вялікай папкай. З выгляду сур’ёзны, ён, па ўсім відаць, не дапускаў лішніх жартаў у дачыненні да сябе. Адрэкамендаваўся Міколам Тарасікавым, дадаўшы: “Прыняты студэнтам на ваш курс”. Вядома, наш новы таварыш усіх заінтрыгаваў: як-ніяк, прыняты на трэці курс у сярэдзіне года, дый наогул, якая ў яго падрыхтоўка?.. Таму мы і папрасілі яго паказаць свае творы, на што ён лёгка згадзіўся і тут жа расклаў іх на падлозе аўдыторыі для агляду. На сваё здзіўленне, мы ўбачылі работы зусім сталага мастака. У ягонай папцы аказалася шмат накідаў, малюнкаў, эскізы кампазіцый, выкананыя ў рознай манеры, на рознай каляровай паперы, з выкарыстаннем акварэлі, алею, тушы, тэмперы, вугалю і алоўка. Творы Тарасікава захаплялі і здзіўлялі сваёй незвычайнай трактоўкай, непадобнасцю да таго, што рабілі мы. Кожны з іх, нават невялікі накід, прыцягваў увагу вобразным рашэннем задум, выклікаў гарачыя студэнцкія спрэчкі: якім павінна быць савецкае мастацтва і ці патрэбна пралетарыяту камернае мастацтва жывапісу наогул? Ці не лепш развіваць мастацтва, што мае дачыненне да прамысловасці — тэкстылю ці керамікі, — словам, прыкладнога, утылітарнага характару мастацтва?.. Тады на выстаўках яшчэ сустракаліся творы, якія мелі адбітак псеўдарэвалюцыйных тэорый і маніфестаў “пралетарскага мастацтва”. На стракатым фоне эрудыцыя Міколы была бясспрэчная, і мы з задавальненнем слухалі яго адказы на нашы пытанні па тых або іншых праблемах тагачаснага мастацтва. Такая гутарка спрыяла засваенню студэнтамі цвёрдых акадэмічных ведаў, без якіх вучоба не мела сэнсу. Вось такой была наша першая сустрэча з Мікалаем Тарасікавым у Віцебску ў 1929 годзе…”