Re: на "Re: "Песняры"
"Квартэт" заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь — удзельнікаў залатых складаў “Песняроў” азнаёміўся ў рэдакцыі “К” з трыб’ютам знакамітаму ансамблю. Па нашай просьбе прадзюсар праекта “Re: “Песняры” Сяргей Будкін пайшоў на пэўную рызыку, даўшы праслухаць будучы рэліз у прэмастэрынгавым запісе музыкантам i салістам, што склалі на чале з кіраўніком ансамбля, народным артыстам Беларусі, народным артыстам СССР Уладзімірам Мулявіным славу легендарнаму калектыву (прычым наша ўмова: матэрыял як са станоўчымі, так і з крытычнымі меркаваннямі, якімі б яны ні аказаліся, выйдзе да рэлізу дыска!). Па нашай жа просьбе знайшлі час для гэтай сустрэчы за “круглым сталом” i заслужаныя артысты краіны Уладзіслаў Місевіч (далей у тэксце — У.М.), Анатоль Кашапараў (А.К.), Валерый Дайнэка (В.Д.) ды Уладзімір Ткачэнка (У.Т.). Адразу было зразумела, што разбор матэрыялу будзе сур’ёзным. І тым больш строгім, што паміж некаторымі колішнімі артыстамі тых самых “Песняроў” ды сучаснымі выканаўцамі, чые творы выйдуць на трыб’юце, розніца ва ўзросце перавальвае за сорак гадоў. А ўявіце, колькі прамінула музычных пакаленняў ды змен стыляў за такі час... Урэшце, новыя версіі сваіх песень ужо ўхваліў знакаміты кампазітар — народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Ігар Лучанок. А вось кампазітар Алег Молчан з версіяй сваёй песні “Малітва”, наадварот, не пагадзіўся. Наперадзе, як плануе прадзюсар, — перамовы са спадчыннікамі аўтарскіх правоў Уладзіміра Мулявіна. Ну а працэс “перазагрузкі” пакрысе пайшоў…