А ўся справа — у скрынцы?..
Я зноў пра бібліятэкі ды бібліятэкараў. І пачну здалёк: з веткаўскага дзяцінства. У класе пятым-шостым я быў запісаны ў дзве бібліятэкі: школьную і дзіцячую. А хацелася яшчэ — і ў дарослую. Урэшце, дапамагла маці-настаўніца: мяне “па блаце” запісалі і туды. Па сёння памятаю сваё вялікае расчараванне: у дарослай, сярод сур’ёзных паліц з сур’ёзнымі фаліянтамі, мяне, падшыванца, чакала... драўляная скрынка з тонкімі “садаўскімі” выданнямі, змест якіх я ведаў ужо на памяць. А далей скрынкі бібліятэкарка не “пушчала”: забаранялася апошнімі інструкцыямі райана. А, не дай Бог, штосьці не тое вычытае, а раптам чагосьці не дацяміць, а калі не пра тое думаць пачне... Праз які тыдзень, з плачам і енкам, я ўсё ж вырваўся за межы скрынкі і вычытаў не тое, і не ўсё дацяміў, і думаць пачаў не так, але адкрыў для сябе Свет, у якім і сёння пачуваю сябе паўнавартасным грамадзянінам з непахісным правам на вальнадумства ды крытычнае асэнсаванне з’явы, падзеі, факта. Вельмі шкада, што ключ да гэтага Свету мне дала не бібліятэкарка, якая так і засталася паслугачкай “скрынкі”, дзе апрача састарэлых ды нецікавых дагматаў нічога не было. Вось у такіх бібліятэчных “скрынках” уся і справа.