Міф ці ява: вясковы рэкламны піяр?
Шведская кампанія, што вырабляе мэблю і тавары для інтэр'ера, рэкламуе свой тавар для дома вельмі нестандартна. Да прыкладу, утварае прыпынак грамадскага транспарту з уласнай мэблі. У чаканні аўтобуса можна адпачыць на фірмовай канапе ды памарыць пра добрае... Скажам, пра будучыню беларускай вёскі. Вось, яна, маючы даўнюю гісторыю, унікальных майстроў-рамеснікаў ды адметныя абрады, цалкам ігнаруе рэкламу ўласнай адметнасці. Ёсць што рэкламаваць — няма пакуль ідэй, як гэта зрабіць. Мастацкія “ўтварэнні” з цюкаванай саломы ўжо прыеліся. Чаму б не падумаць пра самыя розныя інсталяцыі ці малыя скульптурныя формы з дрэва, металу або керамікі, якія і сумяшчалі б тэкставую інфармацыю пра наяўнасць навакольных гісторыка-прыродных помнікаў, і адначасова былі б сімвалам мясцовай рамесніцкай традыцыі? Уяўляеце рэкламную альтанку, сплеценую з вярбы па традыцыях майстроў, скажам, Магілёўшчыны? А альтанка тая скіруе і ў мясцовыя клуб з бібліятэкай, і да святой крыніцы з векавым дубам. Сапраўды, а чаму б і не?
Далей