Статус інвестыцыйнай непрыцягальнасці, або Броўнаўскі рух у добрым кірунку?
Не выпадае сумнявацца ў тым, што ў сферы “бросовой” гістарычнай нерухомасці сёння назіраецца не абы-які рух. Адно што — пакуль ён мае збольшага броўнаўскі характар, і таму патэнцыйным інвестарам вельмі цяжка скласці нейкую агульную карціну ды вызначыць, што прадаецца, што ўжо прададзена, а што пакуль завісла на стадыі афармлення дакументаў. А бізнесмены, як вядома, любяць дакладнасць.
На вялікі жаль, пакуль так і не з’явіўся нейкі цэнтралізаваны медыярэсурс, спецыялізаваны на гэтым спецыфічным сегменце рынку нерухомасці, з дапамогай якога патэнцыйны інвестар мог бы дазнацца, “што, дзе, пачым”, занурыцца ў прававую базу, атрымаць усю інфармацыю пра гісторыю і тэхнічны стан аб’ектаў, загадзя даведацца аб усіх запланаваных аўкцыёнах ды пачуць голас кваліфікаваных экспертаў.
Няпроста адсачыць і далейшы лёс набытых аб’ектаў. Каб хаця б трошкі праясніць агульную сітуацыю, мы вырашылі зрабіць своеасаблівы маніторынг некаторых падзей у гэтай сферы, канстатаваўшы ў пэўных выпадках іх прыкрую адсутнасць — насуперак аптымістычным чаканням.