“Першы крок зроблены”
На мінулым тыдні Міністэрства культуры краіны паведаміла СМІ, што па даручэнні Кіраўніка дзяржавы была распачата праца па стварэнні музея народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адчыняць на базе лецішча творцы ў “Ждановічах-6” Мінскага раёна. 27 ліпеня прынята пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. Цягам 2012 — 2014 гадоў будуць праведзены капітальны рамонт дома Васіля Быкава з прыстасаваннем пад музей, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Адначасова па даручэнні Прэзідэнта супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіва і асабістых рэчаў пісьменніка, якія знаходзяцца ў ягонай кватэры і на лецішчы. Менавіта гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея літаратара, што мяркуецца адкрыць да 90-годдзя з дня нараджэння класіка.