“Лічылка” на тэму “Аднойчы...”
“Аднойчы ў Чыкага” — зусім не мюзікл “Чыкага” Дж.Кандэра, як хтосьці мог бы падумаць. Пад гэтай назвай “зашыфравана” музычнае рэвю, у аснову якога пакладзены мюзікл Дж.Стайна “У джазе толькі дзяўчаты” (не блытаць з фільмам, бо там іншая музыка). Але, падкрэслю, згаданы мюзікл стаў хіба адпраўным пунктам у тым “падарожжы” (дарэчы, менавіта “вандроўная” тэма часцей за ўсё выкарыстоўвалася ў класічных рэвю): тут можна напаткаць папулярныя нумары з іншых брадвейскіх мюзіклаў (таго ж Г.Мілера) і нават мелодыю “Бесамэ муча”. Чаго можна чакаць ад такой, прабачце, “салянкі”? У лепшым выпадку — “кампоту”, як называюць музыканты больш смачныя, зробленыя з густам “нарэзкі”. Ажно не — сапраўдны мюзікл! Ды яшчэ з адметнай драматургіяй. А ўсё таму, што “рэдагавала” сюжэтна-музычныя перыпетыі, пісала сваё лібрэта і вершы таленавіты рэжысёр Сусанна Цырук. І хаця пасля яе прозвішча ў дужках сёння трэба пісаць — Расія, насамрэч пастаноўшчыца наша.
Далей