Вельмі багатымі на падзеі і прадуктыўнымі на сустрэчы выдаліся Дні культуры Беларусі ва Украіне. “Нашы артысты годна прадставілі Беларусь, а ўкраінцы сустракалі іх вельмі цёпла і пад час галаканцэрта неаднаразова выклікалі выканаўцаў “на біс”,— адзначыў першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі, які ўзначальваў дэлегацыю.
Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста адкрываецца ІІ Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД. А 6 кастрычніка на той жа сцэне — адкрыццё V Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Гэты сусветна прызнаны музыкант, дарэчы, выступае і артыстычным дырэктарам згаданай акадэміі.
Да вялікага Гала-канцэрта на Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2010” у Шанхаі рыхтуюцца артысты Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” і Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Мулявіна. Адбудзецца выступленне 11 кастрычніка — у Дзень Рэспублікі Беларусь. Гаспадары і госці “ЭКСПА-2010” чакаюць у гэты дзень візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў нацыянальны павільён.
Днямі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася гісторыка-дакументальная выстаўка архіўных дакументаў “Савецкае грамадства і вайна. 1941 — 1945”. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел дзяржаўныя і ведамасныя архівы і музеі, грамадскія арганізацыі Беларусі і Расіі.
Конкурс “Пазнай Беларусь” завяршыўся перамогай для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Установа атрымала званне лаўрэата ў намінацыі “Лепшы аб’ект турыстычнага інтарэсу”, вытрымаўшы канкурэнцыю з Дзяржаўным мемарыяльным комплексам “Хатынь” і гісторыка-культурным комплексам “Лінія Сталіна”.