У сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — Абу-Дабі — адбываецца Тыдзень культуры Беларусі. З 22 па 29 верасня жыхары краіны знаёмяцца з творчасцю 12 беларускіх мастакоў, а 22 і 23 верасня на гала-канцэртах выступілі айчынныя артысты і музыканты. Адкрыў Дні культуры прадстаўнік правячай сям’і ААЭ шэйх Хамед бен Заед аль-Нахаян.
У штаб-кватэры UNESKO ў Парыжы адкрылася выстаўка “Іван Хруцкі: творчасць у дыялогу культур”. Каля 25 работ з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пабачылі жыхары і госці французскай сталіцы. Пра гэта паведамілі карэспандэнту “К” у аддзеле рускага мастацтва музея.
Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Роля традыцый народнай культуры ў адраджэнні беларускага сяла” аб’яднала ўчора вучоных і практыкаў у горадзе Іванава, што на Брэстчыне.
Акцыя “Беларусь — гэта мы” працягвае крочыць па краіне. 29 верасня ў Ганцавічах адбудзецца выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца.
Дакументальны фільм “Свет Караткевіча” выйшаў на кінастудыі “Беларусьфільм” да 80-годдзя пісьменніка. Апошняя стужка, прысвечаная яму, была знята больш за 15 гадоў таму, і аўтары вырашылі распавесці пра невядомыя ці маладаследаваныя моманты жыцця Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёрам стужкі стаў Яўген Сяцько.
Каля 45 твораў, выкананых у самых сучасных тэхніках, прадстаўлена на сёмай выстаўцы “Тэхна-Арт. Знак якасці” ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Гэта жывапіс, графіка і фатаграфія, а таксама 15 відэаі анімацыйных ролікаў, арт-аб’ектаў.
З фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць сучасны Шанхай і Сусветную выстаўку “ЭКСПА-2010”, можна пазнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Экспазіцыя ў Мабільнай галерэі пад назвай “Сустракаючыся з Шанхаем, заключаем у абдымкі свет” змяшчае больш за 60 фотаработ вядомых кітайскіх фатографаў.