"Абярэг" у пальчатцы, або Універсальны рэцэпт ад "трукацтва"
Сталічныя тэатралы завяршылі вясну "лялечным тыднем": з 24 па 30 мая на шэрагу мінскіх пляцовак шосты раз віраваў Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Майстэрства і шляхі творчых пошукаў прадэманстравалі калектывы з Польшчы, Славеніі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Бельгіі, Украіны. Яшчэ больш прыемна наступнае: у Мінск са сваімі пастаноўкамі з'ехаліся ўсе без выключэння айчынныя тэатры лялек. Так што можна было скласці пэўную панараму іх творчага жыцця на сучасным этапе. І за тое варта падзякаваць арганізатарам фестывалю: Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і Беларускаму дзяржаўнаму тэатру лялек, якія парупіліся пра тое, каб гэты тыдзень стаўся не толькі дэманстрацыяй "імпартных" прапаноў, але і прэзентацыяй уласных магчымасцей і прафесійнага ўзроўню беларускіх лялечнікаў, фестывалем, дзе прадстаўнікі краіны-арганізатара не з'яўляюцца ўсяго толькі гасцямі на ўласным свяце. А таму і казаць у сувязі з фэстам хочацца найперш аб прадстаўленай панараме айчыннага мастацтва тэатраў лялек, якая, у параўнанні з замежнымі калектывамі, высвеціла пэўныя тэндэнцыі і праблемы.
Адна з балючых праблем сучаснага тэатра лялек - адсутнасць новай, актуальнай драматургіі для яго. Гэтую праблему яскрава выявіў сёлетні фестываль, прадэманстраваўшы, што рэжысёру, які захоча вырвацца са спрадвечна-класічнага кола казачных сюжэтаў, давядзецца адчуць сябе амаль скарбашукальнікам.
Зрэшты, праблема гэтая мае шырокі, так бы мовіць, інтэрнацыянальны ахоп. Неаднаразова ад прысутных на фестывалі рэжысёраў - і не толькі - даводзілася чуць: сучасныя аўтары, калі яны ўсё-такі бяруцца пісаць для тэатра лялек, вельмі слаба ўяўляюць спецыфіку жанру. Сярод самых распаўсюджаных праблем - загрувашчванне п'есы тэкстам (толькі ўявіце сабе, як статычна і нядзейсна будзе ў такім фармаце глядзецца доўгі, хаця і цалкам прыдатны для драматычнага тэатра, маналог лялькі!) ды адсутнасць дакладнага ўсведамлення ўзроставай катэгорыі, для якой ствараецца сам твор. Перад рэжысёрамі, як перад казачнымі волатамі, паўстаюць тры шляхі: падбіраць сучасныя сцэнічныя формы для пастаноўкі даўно вядомых твораў, вышукваць-такі "свежы" матэрыял, часам нават звяртаючыся для гэтага ў мінулае, альбо запазычваць узоры "прагрэсіўнай" літаратуры для лялечнага тэатра ў бліжэйшых суседзяў і спрабаваць адаптаваць іх пад нашы рэаліі. Фестываль даў нам цудоўную магчымасць прасачыць за рэжысёрскімі паходамі ва ўсіх гэтых трох накірунках.
Далей