“Хачу славіць сваю радзіму — Беларусь…”
Міхаіл Іосіфавіч Мікешын… Выдатны скульптар, таленавіты жывапісец, рысавальшчык і ілюстратар. “Рускі мастак” — так скрозь і ўсюды ў яго біяграфіях сказана пра гэтага чалавека, а ўспаміны і пісьмы Мікешына, дзе ён часта згадвае сваю радзіму — Беларусь, даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. “Вастру сваю зброю — аловак — і зноў хачу славіць сваю “Эльвіру”, сваю радзіму — Беларусь”, — піша ён. Эльвіра — імя ад назвы германа-скандынаўскіх духаў, эльфаў, якія ў старажытнасці шанаваліся як сімвал урадлівасці. І яшчэ: “1812-ы год у нас, у Беларусі, назвалі спустошаным годам, і, сапраўды, для нашага роду Мікешыных гэты год сцёр дабрабыт нашай сям’і”. Альбо: “Каля 15 гадоў таму (Гэта 1865 г. — Б.К.) мне давялося быць на радзіме, у Беларусі…” Дарэчы, і сюжэт першай значнай карціны М.Мікешына “Лейб-гусары ля вадапою” цалкам — з беларускага жыцця: пра тое, як бравыя вусатыя кавалеры, што спыніліся ля калодзежа, каб напаіць коней, сустракаюцца са зграбнымі беларускімі дзяўчатамі-пастушкамі. Гэтыя, усхваляваныя гусарскімі заляцаннямі, кабеты апрануты ў прыгожыя сукенкі, расшытыя беларускім арнаментам. З любоўю адлюстраваны і беларускі калодзежны “журавель”, і гладка абчасаныя, выдзеўбаныя з дубу ночвы, і старая сялянская хата на заднім плане, і свойская жывёла…