ІДЭІ, ІНТРЫГА, ТАЯМНІЦА...
19 лістапада ў Мінскім і Валожынскім раёнах адбылося выязное пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Фармулёўка яго тэмы адразу настройвала на дзелавую размову: “Аб эфектыўным выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў сферы турызму”. Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, турызм з’яўляецца найважнейшым рэсурсам ажыццяўлення многіх стратэгічных ініцыятыў, скіраваных на адраджэнне і развіццё беларускіх рэгіёнаў. “Турызм — гэта імідж нашай дзяржавы і яе даходы”, — адзначыў у сваім уступным слове да пасяджэння калегіі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Без сумневу, найістотнейшы складнік айчыннага турызму — менавіта аб’екты спадчыны. Як паведаміў у сваім дакладзе намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга, не болей за 30 — 40% такіх помнікаў сёння ўключаны ў турыстычны абарот. Ды і іх патэнцыял задзейнічаны пакуль не напоўніцу. У той самы час, болей за тысячу аб’ектаў з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны на дадзены момант ніяк не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў занядбанні. Адсюль і тэма для дзелавой размовы, якая ў такім маштабным фармаце адбылася ўпершыню.