Пушча Гусавіяна і Тэадорыка
Сёлета самаму старажытнаму запаведніку ў Еўропе — Нацыянальнаму парку “Белавежская пушча” — спаўняецца 600 гадоў. Гэты юбілей уключаны ў Спіс памятных дат UNESCO. Пастановай Савета Міністраў зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання, дзе, у прыватнасці, прадугледжаны рэканструкцыя, мадэрнізацыя, будаўніцтва, добраўпарадкаванне як аб’ектаў самога запаведніка, так і прылеглай да яго інфраструктуры. Вядома, уключаны ў яго і шматлікія асветніцкія, культурныя праекты.
Асобным пунктам у плане пазначана перавыданне кнігі Георгія Карцава “Белавежская пушча”, з часу першага выхаду ў свет якой летась споўнілася сто пяць гадоў. Дарэчы, у Беларусі захаваліся толькі тры экземпляры гэтага фаліянта. Таму не дзіва, што “пушчанская” кніга, перавыдадзеная факсімільна выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, уражвае найперш ужо “праверанай часам” якасцю.