Стратэгічная галіна спадчыны
Гомельшчыну, мусіць, ніяк не назавеш найбагацейшым на гісторыка-культурныя помнікі рэгіёнам Беларусі: завірухі часу “парупіліся” пра тое, каб аб’ектаў, пазначаных у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей “нулявой” і “першай” катэгорыямі, захавалася ў вобласці ўсяго тры. Але тую акалічнасць, што месцам правядзення выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства культуры краіны, прысвечанага адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны, была абрана менавіта Гомельшчына, нельга прызнаць выпадковай. Убачанае актуалізавала ў свядомасці адну відавочную ісціну: спадчына можа стаць сапраўднай вартасцю толькі дзякуючы рупнасці сучаснікаў.
Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, які адкрываў пасяджэнне калегіі, убачанае на Гомельшчыне засведчыла: абласныя і раённыя ўлады ўмеюць шанаваць мінуўшчыну свайго краю, і таму яна прыносіць належны плён і ў наш час.