Канцэпцыя “горнай ракі” замест бетоннага рэчышча
На фоне таго штылю, які назіраўся ў выставачным жыцці Мінска ў апошнія гады, падзеі не так даўно распачатага сезона выглядаюць на сапраўдную буру. Што тут казаць, калі адных толькі біенале за лічаныя месяцы адбылося ажно дзве! А раней нам здавалася, што яны бываюць толькі ў Венецыі… Дый і іншых цікавых праектаў, забяспечаных арыгінальнай канцэпцыяй, у гэты сціслы адрэзак часу не бракавала. Публіка адрэагавала адэкватна: нагамі. Людзей у мінскіх галерэях прыкметна паболела. Адсюль узнікла надзея, што зацікаўлены глядач ізноў, як і калісьці, стане катэгорыяй адносна масавай.
З чым звязаны гэты ўсплёск актыўнасці? Ён стаў заканамернай тэндэнцыяй развіцця беларускай арт-прасторы, або выпадковым збегам абставін? І ці варта чакаць працягу? Думаецца, адказы на гэтыя пытанні залежаць ад імпэту тых, хто шмат у чым вызначае якасць і яркасць сталічнага мастацкага жыцця, — галерыстаў.