Відэалетапіс аўтарскіх праектаў адраджэння: інвестыцыі ў інавацыі
Начальнік аддзела культуры Чавускага райвыканкама Андрэй Васільеў вярнуўся днямі з традыцыйнага абласнога семінара-вучобы, у якім бралі ўдзел яго калегі-начальнікі з 21 раёна Магілёўшчыны. Уражанняў і слушнай інфармацыі, як і заўжды, прывёз шмат. Гаворка ішла пра выкананне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці”, падрыхтоўку да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, што пройдуць 28 верасня, стан спраў у кожным раённым аддзеле культуры вобласці. Дарэчы, культасветнікі з Чавусаў займаюць у абласным “рэйтынгу” годную залатую сярэдзіну. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, рэгіён выйграе за кошт планавага ўкаранення новых тыпаў устаноў культуры: клубаў народнай творчасці, цэнтраў фальклору, дамоў сельскай культуры. І справа тут, як паказала жыццё, не толькі ў аптымізацыі сеткі культурнага абслугоўвання, не ў зменах назваў, а ў карэнным адрозненні падыходаў да культасветы. У выніку гэтага раён рэалізоўвае якасна новыя творча-метадычныя праграмы, якія сёння можна смела назваць аўтарскімі.