Бераставіччына. Асаблівасці мясцовых жарынак
Вялікая Бераставіца насамрэч зусім невялікая. Наадварот, гэта адзін з самых маленькіх райцэнтраў Беларусі. Колькасць яго насельнікаў не дасягае і пяці тысяч. Ды і ў раёне, што цягнецца ўздоўж мяжы з Польшчай, нават дваццаці тысяч жыхароў не набярэцца. Край гэты сельскагаспадарчы: прамысловых прадпрыемстваў тут амаль няма.
Як адбіваюцца гэтыя характарыстыкі на культурным жыцці Бераставіччыны? Прынамсі, не горшым чынам. Бо назваць яго правінцыйным язык не павернецца. Затое чыстае паветра і ціша становяцца крыніцай узважанага, неімпульсіўнага памкнення, а папраўдзе гаспадарлівая вынаходлівасць і працавітасць работнікаў культуры спараджаюць сапраўдныя “ноў-хаў” — жарынкі карыснага досведу.
Пазалетась Вялікая Бераставіца была прызнана самым добраўпарадкаваным населеным пунктам краіны ў сваёй намінацыі. Мясцовыя ўлады не пашкадавалі сродкаў і высілкаў, каб да 500-гадовага юбілею мястэчка пахарашэла. Цяпер яго жыхары могуць без залішняй пахвальбы, але з гонарам, адзначыць: у нас чысцей і прыгажэй, як па той бок мяжы.
Адрадзіць галоўны сімвал краю — касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, перліну беларускага дойлідства пачатку XVII ст., пакуль не ўдалося: раённых сродкаў на яго рэстаўрацыю не хапае, ды і мясцовыя рыма-католікі ў гэтым храме прагматычнай патрэбы не маюць, бо ў мястэчку ёсць і другі касцёл. Затое побач з велічнымі руінамі на цэнтральнай плошчы паўстала новая адметнасць — скульптурнае Дрэва жыцця, увенчанае гербам Вялікай Бераставіцы з выявай вавёркі.