Ад “А” да “Я” пра Дом рамёстваў
Першыя дамы рамёстваў з’явіліся, як вядома, на Віцебшчыне. У 1990-х ініцыятар гэтага руху, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі слушна заўважыў, што звужэнне дзейнасці культасветнікаў толькі да клубнай работы — прафанацыя справы. Маўляў, галоўныя носьбіты нашай культуры — бібліятэка, школа мастацтваў і дом рамёстваў. Натуральна, час пацвердзіў гэтую выснову. Дамы рамёстваў, якія адчыніліся ў кожным раёне рэспублікі, сталі не толькі цэнтрамі адраджэння і развіцця беларускага традыцыйнага мастацтва: яны абудзілі думку ды ініцыятыву людзей, спрычынілі іх да радасці творчай самарэалізацыі, аб’ядналі ў памкненні да яркага стваральнага жыцця...
Чашніцкі раённы дом рамёстваў распачаў дзейнасць у 1995-ым. Праз год клуб творцаў “Майстар”, які арганічна ўвайшоў у структуру ўстановы новага тыпу, займеў званне “народны”. А сам Дом рамёстваў па выніках рэспубліканскага спаборніцтва 2000 года быў абвешчаны лепшым у Беларусі. На сёння ён актыўна супрацоўнічае з мясцовымі агульнаадукацыйнай школай, школай мастацтваў і гісторыка-краязнаўчым музеем, мае філіял у Новалукомлі. Дырэктар, метадыст і шэсць кіраўнікоў гурткоў аб’ядналі вакол сябе творчае дзеяздольнае ядро — сотню гурткоўцаў-аматараў беларускай культуры: 12 дарослых і больш за 80 школьнікаў з усяго раёна. А “Майстар” згуртаваў больш як 30 народных мастакоў і рамеснікаў, творы якіх з задавальненнем набываюць і госці з замежжа. Колькасць “жыхароў” Дома рамёстваў штогод няўхільна прырастае.