“Як ва ўсіх” — гэта не творчасць
Архітэктар Аляксандр ТРУСАЎ нарадзіўся ў сям’і славутага трэнера па спартыўнай акрабатыцы Георгія Трусава, які ўпершыню ў свеце распрацаваў трайное сальта, чацвяртны піруэт (гэты надзвычай складаны элемент выканаў у 1976 годзе спартсмен Вадзім Біндлер). Маці-бібліятэкар прывіла хлопчыку любоў да кніжак, якія спрыялі развіццю ў будучага дойліда фантазіі. Пасля заканчэння каледжа мастацтваў Аляксандр паступіў на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута — цяперашняга БНТУ. Скончыўшы вучобу, прыйшоў на працу ў інстытут “Мінскпраект”. Маладому архітэктару пашанцавала: ён трапіў у майстэрню Леаніда Левіна і Юрыя Градава. Пад кіраўніцтвам знакамітых дойлідаў разам з калегамі ўдзельнічаў у распрацоўцы цікавых праектаў: музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, будынка Дома журналістаў. Займаўся праектаваннем добраўпарадкавання Верхняга горада, рэканструкцыі экспазіцыйнага цэнтра па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску. У майстэрні Левіна і Градава панаваў асаблівы дух, маладыя архітэктары шмат чаго спасціглі, шмат чаму навучыліся ў таленавітых настаўнікаў.
Аляксандру Трусаву пашанцавала і тады, калі ўпершыню прадставіў сваю працу на Усесаюзным конкурсе маладых архітэктараў, які праводзіўся ў Ашхабадзе ў 1989 годзе. Яго як пераможцу запрасіў да сябе ў Лондан на стажыроўку сусветна вядомы архітэктар Норман Фостэр. Гэта адбылося ў год падзення Берлінскай сцяны. Вярнуўшыся з Велікабрытаніі на радзіму, фактычна ў новую краіну, Трусаў пачаў рэалізоваўваць свае творчыя задумкі не толькі як дойлід, а і як дызайнер, мастак, стваральнік адмысловых інтэр’ераў, наогул нетрадыцыйнай архітэктуры.
Далей