Што пасееш, тое і пажнеш
Уступная кампанія — гэта свайго кшталту сяўба. Такое трапнае і паэтычнае параўнанне прагучала з вуснаў першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і старшыні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных экзаменаў у 2007 годзе Анатоля Рубінава на прэс-канферэнцыі, прысвечанай кантролю за правядзеннем уступных экзаменаў. Ён падкрэсліў, што ўступныя экзамены маюць на Беларусі такую самую маштабную і ўсеабдымную ўвагу дзяржавы, як і клопат пра хлеб штодзённы. Яно і зразумела: што пасееш, тое і пажнеш. Ад аб’ектыўнасці вынікаў уступнай кампаніі самым непасрэдным чынам залежыць прафесійная якасць спецыялістаў, якім у хуткім часе наканавана рабіць свой унёсак у стварэнне будучыні краіны.
Конкурс у “творчыя” ВНУ сёлета быў традыцыйна высокі. На адно месца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прэтэндавала 3,6 абітурыенты (летась іх было ўсяго тры). За права стаць студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў змагалася больш як пяць чалавек на адно месца, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі лічба была сціплейшая. Зрэшты, у акадэмію музыкі паступаюць пераважна ўжо спраўджаныя музыканты, за плячыма якіх — лаўрэацтва на міжнародных конкурсах.
Цэнтралізаванае тэсціраванне, якое праходзяць таксама і абітурыенты “творчых” ВНУ, цяпер ужо не ў навіну. І, як запэўніў падчас прэс-канферэнцыі А.Рубінаў, штогод яго метадалогія ўдасканальваецца, абрастае належнай навуковай базай, а складаная сістэма падліку балаў, бадай, выключае “фактар выпадковасці”. Нядаўняя інавацыя мае перад сабой адзіную мэту — вызваліць экзаменацыйны вынік ад суб’ектыўных прыхільнасцей выкладчыка і тым самым выключыць карупцыю ды небезвядомы “блат”.