Прыярытэты і аўтарытэты ў тэмпарытме адраджэння
Досвед — уменне выкарыстаць веды з максімальнай эфектыўнасцю. Гэта сістэма падыходаў да выканання службовага абавязку з улікам аўтэнтыкі рэгіёна, культуры, ментальнасці, традыцый, фальклору. Генеральныя кірункі дзейнасці ў кожнага аддзела культуры Беларусі, бадай, аднолькавыя — праца з людзьмі, вучоба кадраў, захаванне духоўнай спадчыны, умацаванне матэрыяльнай базы, — ды толькі падыходы розныя. Начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Марыя ПАЛЯК свой досвед карпатліва назапашвала на працягу больш чым дваццаці гадоў.
А пра эфектыўнасць падыходаў да развіцця сферы культуры больш чым красамоўна сведчыць той факт, што мясцовы аддзел культуры першым, не толькі на Віцебшчыне, але і ў Беларусі, адкрыў навукова-метадычны цэнтр (як самастойную ўстанову культуры), Дом рамёстваў, арганізаваў дзейнасць гаспадарчай групы як аддзелаўскай структуры, больш 5 новых тыпаў устаноў культуры. Быць першай Марыя Канстанцінаўна не баіцца, хаця і цудоўна разумее, што клопат гэты — не з вясёлых, пазіцыю сваю “Калі дбаеш пра людзей, дык працаваць трэба па-людску” ўмее адстойваць на любым узроўні, а ўсе стасункі будуе па прынцыпе “Хто не хоча вучыцца, той для мяне нецікавы”. У Глыбоцкім раёне, які прызнаны Геаграфічным таварыствам самым што ні ёсць цэнтрам Еўропы, такія метады самарэалізацыі ўспрымаюцца як належнае. Маўляў, у цэнтры цывілізацыі хіба можна інакш?